ЯН III САБЕ́СКІ (17.8.1629, замак Алеска, цяпер Львоўская вобл., Украіна — 17.6.1696),
кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1674—96]. Паходзіў са стараж. шляхецкага роду герба «Яніна». Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, падарожнічаў па Еўропе. Удзельнічаў у вайне супраць казакоў Б.Хмяльніцкага. З 1653 палкоўнік, ваяваў супраць шведаў у Паўночнай вайне 1655—60, супраць рас. ваявод і казакоў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Некалькі разоў выбіраўся паслом на соймы. Быў прыхільнікам караля Яна II Казіміра Вазы. У 1665 маршалак вял. каронны, з 1666 гетман польны каронны. Вызначыўся ў бітве пад Падгайцамі на З Украіны (6.10.1667), дзе з 3-тысячным войскам разбіў 30-тысячнае казацка-тат. войска гетмана Правабярэжнай Украіны П.Д.Дарашэнкі. З 1668 вял. гетман каронны. У 1671 і 1672 нанёс новыя паражэнні крымскім татарам. Праславіўся перамогай над туркамі і татарамі ў Хацінскай бітве 1673. 16.5.1674 на сойме абраны каралём польскім і вял. князем ВКЛ. Супраць яго кандыдатуры выступала кіруючая прааўстр. групоўка магнатаў ВКЛ на чале з Пацамі, аднак яго падтрымалі групоўкі Радзівілаў і Сапегаў. Доўгі час Я. III С. змагаўся з апазіцыяй, якую падтрымлівалі аўстр. Габсбургі. На вышэйшыя пасады ў ВКЛ ён пачаў вылучаць прадстаўнікоў сям’і Сапегаў, абапіраўся таксама на Радзівілаў (яго сястра Кацярына была замужам за М.К.Радзівілам). У 1674 і 1675 нанёс новыя паражэнні тур. і тат. войскам на Украіне. Намагаўся заключыць трывалы мір з Турцыяй і палепшыць адносіны з Расіяй, заключыць саюз з Францыяй і Швецыяй супраць Брандэнбургска-Прускай дзяржавы і Аўстрыі, далучыць да Польшчы Прускае герцагства з Кёнігсбергам. У 1683 ён падпісаў трактат аб дружбе з Аўстрыяй і, калі ў 1683 тур. армія аблажыла Вену, з 27-тысячным войскам Рэчы Паспалітай падышоў да горада і ўзначаліў агульнае войска імператара і герм. князёў (разам 70 тыс. чал.). 12.9.1683 адбылася ген. бітва, у якой удзельнічалі і войскі ВКЛ — цяжкая конніца маршалка надворнага Ю.Б.Слушкі і брыгада кашталяна віленскага Э.Дэнгафа. Бітва пад Венай скончылася разгромам тур. войска. Хоць вайна працягвалася да 1699, для Рэчы Паспалітай тур. пагроза была знята. Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец. У 1684 утварыўся антытур. саюз, у які ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя, рымскі папа і Венецыя. Каб далучыць да яго Расію, у Маскву было накіравана пасольства на чале з ваяводам пазнанскім К.Гжымултоўскім, якое заключыла «Вечны мір» 1686. У астатнія гады панавання Я. III С. змагаўся з апазіцыяй, у складзе якой былі прадстаўнікі і прааўстр. і прафранц. груповак; абвастрыліся адносіны паміж каралём і Сапегамі. Караля і яго план усталявання спадчыннай манархіі падтрымалі толькі прыдворныя групоўкі і сярэдняя шляхта. Я. III С. ўвайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Sadzewicz M. Jan III Sobieski, 1629—1696. Warszawa, 1972;
Płocha J. Król Sobieski i jego epoka. Warszawa, 1986;
Wójcik Z. Jan Sobieski, 1629—1696. 2 wyd. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
т. 18, кн. 1, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)